Пра “Шчодрыцу”

Фальклорны ансамбль «Шчодрыца» бярэ сваю назву ад старажытнага беларускага свята «Шчадрэц», «Шчодры вечар», «Шчодра», у дзень святкавання якога, ён быў і створаны у 1993 годзе. У вытоках яго стварэння стаялі выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Валянціна Трамбіцкая і Ірына Грамовіч. Зараз кіраўніком ансамбля з’яўляецца выпускніца таго ж самага універсітэта Ірына Вакульчык.

3 2001 года фальклорны ансамбль “Шчодрыца” працаваў на базе Палаца культуры ААТ “КамВоль”. 3 верасня 2007 года калектыў перайшоў ва ўласнасць горада Мінска і з’яўляецца вядучым калектывам Дзяржаўнай культурна-асветніцкай установы “Палац культуры “Лошыцкі”. Калектыў прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах і святах Ленінскага раёна і горада Мінска.

У рэпертуары калектыва адлюстравана багатая і разнастайная песенная і музычная спадчына беларускага народа. Ансамбль выкарыстоўвае песні, музыку і танцы Цэнтральнага, Заходняга і Паўднёвага рэгіёнаў Беларусі.

Рэпертуар калектыва разнастайны ў жанравым плане. Гэта творы каляндарна-абрадавага цыкла, сямейна-бытавыя, лірычныя і жартоўныя. Калектыў папулярызуе беларускую традыцыйную культуру праз вывучэнне і адраджэнне старадаўніх каляндарных абрадаў: Каляды, Гуканне Вясны, Масленіца, Купалле.

Музыканты выкарыстоўваюць у сваей творчасці традыцыйныя для беларускага фальклора інструменты: дудкі, цымбалы, скрыпкі, гармонікі, а таксама забытыя, зніклыя з абіходу сучаснай практыкі духавыя інструменты: дуду, чаротку, жалейку, саломку.

Калектыў — часты госць з канцэртнымі праграмамі на заводах і фабрыках, выставах, у вайскавых часцях, бальніцах і музеях. Ансамбль – пастаянны ўдзельнік гарадскіх і раённых мерапрыемствах , масавых святаў, гулянняў і кірмашоў.

«Шчодрыца» з’яўляецца лаўрэятам розных рэспубліканскіх і міжнародных фальклорных фестываляў: Лаўрэят 1 прэміі Міжнароднага фестываля “Звіняць цымбалы і гармонік” 1995 і 1997 г.г., Лаўрэят 1 ступені фестываля народнай творчасці “Сузор’е-97″ Ленінскага раёна г.Мінска, Лаўрэят 1 ступені Першага фестываля народнай творчасці Ленінскага раёна г.Мінска у 2007 г., Лаўрэят рэгіянальнага фестываля творчай моладзі “Крокі – 2009″, Лаўрэят рэспубліканскага конкурса прысвечанага 100-годдзюса дня нараджэння Г. Цітовіча. Дыпламант міжнароднага фальклорнага фестываля “EUROFOLKLOR 2003″ (Банска Быстрыца, Славакія), 2-га фестываля рэгіянальнага фальклору “Галасы Палесся” ў г.Іванава ў 2007 г, Дыпламант 1 ступені фестываля народнай творчасці “Сузор’е-2009″, Лаўрэят IX Міжнароднага фестывалю “Пісня без кардонів” ў г. Данецку, Рэспубліка Украіна.

“Шчодрыца” прадстаўляла беларускі фальклор на міжнародных фестывалях у Расіі, Эстоніі, Венгрыі, Славакіі, Германіі, Польшы.

У 2008 годзе фальклорнаму ансамблю “Шчодрыца” было нададзена найменне Народнага ансамбля народнай песні і музыкі.

Калектыў шмат гадоў супрацоўнічаў з беларускім Фондам Міра па праграме “Дети Чернобыля”: чатыры разы выязджаў у Германію з дабрачыннымі канцэртамі, якія праходзілі ў гарадах Бонн, Кёльн, Дзюсельдорф, Кобленц, Трыр і інш.

Калектыў прымае актыўны ўдзел у дабрачынных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў г. Мінску, аб чым сведчыць вялікая колькасць падзячных пісем.

У складзе калектыва студэнты вышэйшых навучальных устаноў і прафесійных вучылішчаў г. Мінска, прадстаўнікі розных прафесій. Зараз у калектыве 17 вакалістаў, 10 музыкантаў. Харавая група асвойвае аўтэнтычны фальклор і танцы розных рэгіёнаў Беларусі. Ансамбль выкарыстоўвае ў сваім рэпертуары сучасныя апрацоўкі беларускай танцавальнай музыкі, а таксама творы беларускіх кампазітараў, блізкія па гучанню да асноўнай народнай манеры выканання. У ансамблі ёсць салісты-вакалісты, а таксама салісты-інструменталісты.

У вытоках яго стварэння стаялі выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Валянціна Трамбіцкая і Ірына Грамовіч. Праз 2 гады Трамбіцкая Валянціна стварыла фальклорны ансамбль “Баламуты” пры Беларускім універсітэце культуры, але працягвала кіраваць аркестровай групай ансамбля “Шчодрыца”.

Зараз мастацкім кіраўніком і хармайстарам ансамбля з’яўляецца выпускніца таго ж самага універсітэта Ірына Вакульчык.

Музычным кіраўніком аркестровай групы «Шчодрыца» з’яўляецца Багуцкі Сяргей.

Канцэртмайстар ансамбля – Жыгальскі Ігар.

Харэограф ансамбля – дацэнт кафедры харэаргафіі Беларускага універсітэта культуры і мастацтваў Шылкіна Алена.

Comments are closed.